2042 год, польска-беларуская мяжа, пункт пропуску 布雷斯特.
Лявон вяртаўся да Беларусі пасля 20 год у выгнанні. За ўсе 20 год ён не знайшоў у Еўропе сабе душэўнага спакою, не мог знайсці сваё месца, усюды адчуваў сябе чужым і непатрэбным. Усё, што ад яго патрабавала спадарыня Эканоміка Еўразвязу, гэта грузіць, разгружаць, капаць і своечасова плаціць падаткі. У абмен на гэта ён атрымліваў свае сродкі для існавання і мог не думаць пра заўтра.
Але чамусьці сёння ён быў не на працы, і нават не дома. Сёння ён пасля шасцігадзіннай дарогі стаяў у пробцы на ўездзе ў Беларусь, ці тое, што яд яе засталося.
Дарэчы, ехаў ён не аўтобусам. Набытыя навыкі на ўсём эканоміць і пуставаты гаманец падштурхнулі Лявона знайсці папутчыка, і цяпер ён сядзеў у даволі старым, але ўсё яшчэ спраўным фордзе-мінівэне такога ж простага лявона, як ён. Польскі бок мяжы быў пройдзены за колькі хвілін, і цяпер яны разам чакалі сваёй чаргі ў міжгранічнай паласе.
Чарга. Яна была ўсяго кіламетр, але паўзла павольней чарапахі. Ішлі гадзіны, маторы то заводзіліся, то глухлі, то зноў заводзіліся. Кіроўцы аб чымсьці гутарылі, калі чарга стаяла. Лявон падслухаў. "Цэны… Паліва… Дакументы… Машыны". Нічым не выбітная, абсалютна звычайная для такіх месцаў размова.
Папутчык Лявона паліў адну танную цыгарэту за адной, і увесь гэты час задуменна маўчаў.
Надвор'е было тыповым для восені: негусты туман, сырасць, некалькі градусаў вышэй нуля і дробны дождж. Хутка павінна было сцямнець.
Праз чатыры, па адчуваннях Лявона, гадзіны іх машына ўрэшце дасягнула пункта пропуску.